"Браты, пакуль ёсць час - будзем рабіць дабро"
св. Францішак Асізскі
Благаслаўлёныя мучанікі Ахілес Пухала і Герман Стэмпень
Калі вырушыш з Івянца кіламетраў з восем па шашы ў бок Пяршаяў, з левага боку мосту праз Іслач – улюбёнага месца сярод аматараў байдарак, за аўтобусным прыпынкам знойдзеш указальнік на вёску Баравікоўшчына. Вёска як вёска – сярод нашых беларускіх такіх безліч. Не палянуйся прайсці паўз яе аж да самага края – за полем Цябе чакае адно з такіх асаблівых месцаў: аточанае крыжовым шляхам, з палявым алтаром над якім – вялізная копія іконы крыжа з Сан-Даміяна, з жывым уваскрослым Хрыстом. Месца мучаніцтва благаслаўлёных францішканаў Ахілеса і Германа, з часоў Другой сусветнай вайны.
Хацелася б напісаць “ахвяраў”, але немагчыма іх так называць, бо і пабожны 32- гадовы Ахілес Пухала, і асягнуўшы "хрыстовы ўзрост", кемлівы Герман Стэмпень абсалютна дабравольна зрабілі свой выбар: загадзя былі паведамленыя аб нападзе карнікаў на вёску ў пяць тысяч асобаў, дзе неслі святарскае служэнне, бо мясцовы пробашч уцёк, спалохаўшыся вайны. Маючы адну толькі ноч вырашылі застацца з парафіянамі, каб - як Пастыр-Хрыстос - не пакінуць “авечак” адных. Адзін з іх быў бездакорным маладым святаром, з досведам душпастырскай і катэхетычнай працы. Другі – інтэлектуал з абароненай магістэрскай у Рыме, якога ледзь не выгналі з семінарыі за паводзіны. З’яднаныя францішканскай рэгулай, таямніцай святарства, а цяпер яшчэ і жахлівымі акалічнасцямі сорак трэцяга года, Ахілес і Герман для нас сённяшніх могуць быць сімваламі вернасці і мужнасці. Мужнасці, якая трасецца ў чаканні прысуду, але не ўцякае, бо мацнейшая за страх і смерць.

Жыць – значыць змагацца” – лічыў рымскі філосаф Сэнэка, сучаснік Езуса Хрыста. Біблія мае тое самае меркаванне (Ёў 7,1). Для змагання трэба быць упэўненым у сваіх сілах, каб – так як у прыпавесці Езуса – не кінуць толькі распачатай будовы. Нездарма “мужнасць” (габр. geburah) прыпамінае адно з Божых імёнаў – “Бог моцны” (El Gibbor).


Менавіта на Божай, а не на нашай моцы трымаецца гэты дар, які дае здольнасць адважна і з даверам прымаць нават цяжкія жыццёвыя выклікі.

Што знойдзем у яго “ўпакоўцы”, калі атрымаем? Дар мужнасці мае ўплыў на волю асобы, якая бярэцца за няпростыя заданні з увагі на Бога. Не гледзячы на перашкоды, чалавек здольны вырашаць не вагаючыся. Не перастае рабіць дабро ў цяжкасцях, бо мэтай гэтага дару з’яўляецца нашае і не толькі духоўнае дабро, здабыццё якога звязанае з высілкам.


Знешнімі праявамі гэтага дару з’яўляюцца адвага і вытрваласць, інакш кажучы – рашучасць у кірунку да святасці. Божы дар мужнасці ўдасканальвае нашую чалавечую цноту мужнасці, якая часамі ідзе ў пары з сумневамі. Калі ў выпадку з апошняй рашучасць волі абапіраецца на слушнасці дзеяння пацверджанай самой асобай ці наваколлем, то дар мужнасці матывуе волю перакананнем, што гэтага хоча Святы Дух. Адрознівае іх прагненне выканаць Божую Волю любой цаною. З аднаго боку тут – пачуццё ўласнай слабасці, з іншага – пэўнасць, што трымаецца на даверы Богу і Яго ўсемагутнасці.

“Благаслаўлёныя мучанікі Ахілес і Герман заклікаюць да нашых сэрцаў: “паверце, што Бог ёсць любоў, абудзіце ў сабе надзею і няхай гэтая надзея выдасць у вас плён ва ўсякай жыццёвай спробе."”

Мітрапаліт Мінска - Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Як дапамагчы сабе ў жыцці супрацоўнічаць з Божым дарам мудрасці? Прыглядзімся да гісторыі францішканскіх мучанікаў з Пяршаяў як да кейсу, які дапаможа вылучыць асноўныя крокі, якія благаслаўлёныя Ахілес і Герман зрабілі на гэтым шляху. Дазволім ім быць не толькі нашымі заступнікамі, але і настаўнікамі супрацоўніцтва з гэтым дарам. Вось чатыры крокі, якія моцна праяўляюцца ў іх паставе:
  • Практыкаваць цноту мужнасці ў жыцці
    Браты былі пастаўленыя ў няпростай сітуацыі: кляштара і супольнасці фактычна няма, пачуцця бяспекі таксама, бо сітуацыя штодня змяняецца: не дзіва – самы разгар вайны. Пробашч мясцовасці, дзе яны служаць уцёк. Напэўна, да іх не адзін раз прыходзіла тая ж думка. Але яны мелі адвагу трываць, рабіць тое што павінны і нават больш: нездарма да сёння даходзяць сведчанні пра тое, як благаслаўлёныя дапамагалоі самым бедным у гаспадарчых працах, дзяліліся ежай ці нават “сцягвалі” абутак з далёкай Лодзі для тых, хто яго не меў.
  • Умець пакорна прызнаць уласную слабасць.
    Браты баяліся – і падчас доўгіх гадзін невядомасці разам з жыхарамі вёскі чакаючы на прысуд, і па дарозе ў Баравікоўшчыну – месца катавання. Аднак іх прысутнасць была мацнейшай за іх боязь. Як у старой прымаўцы: “вочы баяцца, а рукі робяць”.
  • Даверыцца Богу
    Ахілес і Герман не ведалі, што з імі станецца. Хацелі проста трываць разам са сваімі парафіянамі. А гісторыя павяла іх шляхам экспіяцыйнай ахвяры – сярод тых, хто ішоў разам з імі на месца – як тады здавалася – катавання, выжылі ўсе, апроч францішканскіх пакутнікаў. Бог не толькі ім дазволіў наследваць Хрыста ў таямніцы яго пастырскай любові, ён даў ім удзел у так нечаканай Галгофе, але праз гэта і ў перамозе над жорсткасцю і бессэнсоўнасцю смерці.
  • Дацаніць дар Эўхарыстыі, якая з’яўляецца “пажыткам мужных”
    “Ад стала Пана адыходзім поўныя вагню, як страшныя ільвы для шатана” – пісаў св. Ян Хрызастом. Благаслаўлёныя мучанікі на практыцы пазналі гэтую праўду. У няпросты час карміліся Эўхарыстыяй штодня і кармілі ёй сваіх парафіянаў. Старэйшы мужчына з Пяршаяў плакаў, распавядаючы, як хлопчыкам прыслугоўваў да Св. Імшы благаслаўлёнаму Ахілесу. Каб расчуліць суворага вяскоўца патрэбны моцны досвед. “Калі айцы адпраўлялі, былі як анёлы”. Эўхарыстыя сапраўды перамяняе, дае моц, асабліва ў няпросты час. Падумай пра гэта калі ласка, як захочаш прапусціць нядзельную Імшу
Благаслаўлёныя Ахілес і Герман, францішканскія мучанікі з Пяршаяў, браты з івянецкага кляштара святога Антонія, звычайныя трыццацігадовыя хлопцы. Хто даў ім моц любові большай за смерць? Адкуль адвага, што дазваляе не клапаціцца пра сябе на карысць дабра іншых? Супярэчная самазахаванню, супярэчная чалавечай істоце. Адкуль гэта вернасць, якая надала змест іх жыццю ў няпростыя часы? Запытайся іх у цішыні, напэўна падзеляцца з Табой сваім сакрэтам.
Благаслаўлёныя Мучанікі
  • благаслаўлёны Ахілес Пухала
     канвентуальны францішканін
    Нарадзіўся 18 сакавіка 1911 г. у Косіне каля Кросна. Быў сынам Францтшка і Зоф'і ў дзявоцтве Ольбрыхт. У 1919-1924 гадах ён наведвае агульнаадукацыйную школу ў Косіне. У 1924 годзе пачаў вучыцца ў малой семінарыі айцоў францішканаў у Львове. Навіцыят распачаў 6 верасня 1927 года ў Лагеўніках каля Лодзі. Склаў першыя манаскія шлюбы 22 верасня 1928 года ў Лагеўніках. Вярнуўся ў Львоў, каб працягваць адукацыю у сярэдняй школе. Пасля выпускных экзаменаў, пераехаў у Кракаў, дзе займаўся навучаннем тэалогіі ў францішканскай вышэйшай семінарыі. Вечныя шлюбы склаў 22 сакавіка 1932 года, святарскія пасвячэнні прыняў 5 ліпеня 1936 года. Застаўся ў Кракаве на год, каб завяршыць сваю тэалагічную адукацыю. Пасля пасвячэнняў служыць святаром у Гродне (1937-1939), а ў верасні 1939 года трапляе ў Івянец, адкуль быў дэлегаваны на душпастырскую працу ў в. Пяршаі. Загінуў 19 ліпеня 1943 года ў вёсцы Баравікоўшчына, спалены карнікамі жыўцом.Абвешчаны благаслаўлёным 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве. З'яўляецца адным з апекуноў Беларускай дэлегатуры Ордэну Братоў Меншых Канвентуальных.
  • благаслаўлёны Герман Стэмпень
    канвентуальны францішканін
    Нарадзіўся 21 кастрычніка 910 года ў Лодзі. Сын Юзафа і Мар'яны ў дзявоцтве Пух. Падчас хросту атрымаў імя Караль. У 1924 годзе пачаў навучанне ў малой семінарыі ў Львове. Навіцыят распачаў 2 верасня 1929 года ў Лагеўніках, першыя манаскія шлюбы склаў 3 верасня 1930 года. Працягнуў вучобу у малой семінарыі і навучанне філасофіі ў Львове. Пасля вучыўся ў Кракаве і Рыме (1934-1938), дзе 25 ліпеня 1937 года прыняў святарскія пасвячэнні. Вярнуўшыся з Рыму, працаваў у Радамску (1938-1939) і Вільні (1939-1940). Абараніў магістарскую дысертацыю па тэалогіі ва Львоўскім універсітэце імя Яна Казіміра. У 1940 годзе пераведзены ў Івянец, адтуль дэлегаваны на душпастырскую працу ў Пяршаі (1940-1943). Загінуў 19 ліпеня 1943 года, спалены катамі жыўцом. Абвешчаны благаслаўлёным 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве. З'яўляецца адным з апекуноў Беларускай дэлегатуры Ордэну Братоў Меншых Канвентуальных.
Made on
Tilda