У 1209 годзе Папа Інакенці ІІІ, дзеля вяртання ерэтыкоў да еднасці з Касцёлам, дазволіў Францішку прапаведваць і зацвердзіў яго незвычайна простую Рэгулу (Правіла жыцця). Вынікам гэтых казанняў стала жаданне шматлікіх гараджан Асізі звярнуцца ў пошуках Бога на шлях навяртання. Францішканскі стыль жыцця быў прыняты таксама і жыхарамі горада Грэчча. Да гэтых людзей Францішак напісаў свой "Ліст да ўсіх вернікаў", які лічыцца першапачаткам Правіла жыцця Францішканскага Ордэну Свецкіх.
Падчас духоўнай адновы пасля Другога Ватыканскага Сабору і ў выніку адзінаццацігадовай працы міжнароднай камісіі з'явілася абноўленая Рэгула, якую Павел VI зацвердзіў 24 чэрвеня 1978 года буллай "Серафіцкі патрыярх". Другая назва Трэцяга Ордэну - Францішканскі Ордэн Свецкіх (ФОС).
Ва ўсіх гэтых рэгулах захавалася галоўнае: дух беднасці, навяртання, супакою, любові, паслухмянасці Касцёлу, цвёрды намер уцелавіць ідэалы поўнага і сталага хрысціянства.
Францішканскі Ордэн Свецкіх - гэта аўтаномная супольнасць, колькасцю 1,5 мільёны чалавек, якая мае ўласнае кіраўніцтва на розных узроўнях і супрацоўнічае з рознымі галінамі францішканскай сям'і.