Францішак і яго браты ў першую чаргу бачаць у Богу неспасцігальную, самую чыстую і самую высокую Любоў.
Для францішканіна Бог - гэта неспасцігальная Таямніца, недасяжная чалавечай думцы і фантазіі. Веліч, святасць і таямнічасць Бога абуджалі ў сэрцы Францішка боязь Божую і глыбокую пашану.
Апрача гэтага, у разуменні францішканаў Бог - найвышэйшае, вечнае Дабро, ад якога ўсё іншае дабро бярэ свой пачатак.
Моцная вера ў "жывога і сапраўднага" Бога, прысутнага і дзейснага ў жыцці чалавека, дазваляе францішканам цалкам давяраць Божаму Провіду. Калі чалавек адкрываецца на Божую прысутнасць, Бог здзяйсняе сапраўдныя цуды: аздараўляе і асвячае, прабачае грахі і ратуе ад смерці.
І, нарэшце, для францішканіна Бог - прымірэнне, супакой і радасць, усё тое, што людзі называюць шчасцем.