«З голасу, які прамаўляе з укрыжавання ў руінах касцёла Сан-Даміяна, Францішак Асізскі пачынае сваё падарожжа, дарогу, поўную пытанняў, трывог і сустрэч. За два гады да смерці ён спыняецца на гары Ла Верна, дзе перажывае асаблівае містычнае яднанне з укрыжаваным Хрыстом. Езус на вышыні болю дасягае кульмінацыі любові, і цяпер беднаму і пакорнаму Францішку дае ў дар знакі сапраўднай хвалы: дар любові як дасканалай еднасці з воляй Бога і як перспектыву адносін з іншымі. Гэта не сусветная слава, якой дасягае Францішак, але сапраўдная слава без апладысментаў і прызнання, слава любові, якая ажыўляе свет, аднаўляе знутры чалавечую гісторыю, пазначаную нянавісцю, помстай, нягодамі, падзеламі.
На сваім жыццёвым шляху ён перажывае спаўненне просьбы, скіраванай да Бога Давідам: «Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух!» (Пс 51, 12). Крок за крокам Францішак становіцца чалавекам не з залатаным сэрцам, а з новым сэрцам. Велікодная літургія выражае гэты досвед у прыгожай малітве: «Божа, Ты цудоўным чынам стварыў чалавека і яшчэ больш цудоўна яго адкупіў» (Пасхальная вігілія, малітва пасля першага чытання)
Аўтар гэтай кнігі арыгінальна асэнсоўвае вопыт атрыманння стыгматаў як бачны знак абноўленага чалавека. Міласэрнасць усё робіць новым і пакідае знакі любові: раны Уваскрослага Пана — гэта шрам, а не гнойная пляма. Раны, якія атрымлівае Францішак, выражаюць камунію і ўдзел у жыцці Хрыста. З гэтага часу яго цела таксама ўказвае ікону Ўкрыжаванага.
Сярэднявечныя мастакі малявалі цела Укрыжаванага, ахутанае святлом, бо гэта гісторыя болю і славы. Увесь драматызм чалавечага жыцця змяшчаецца ў Богаўцелаўленні. Нават сёння мы часта спыняемся толькі на Вялікай пятніцы, у цемры болю і смерці.
Сённяшняму чалавецтву, якое пакутуе і змучанае столькімі трагедыямі, мы не заўсёды можам паказаць выразныя знакі ўваскрашэння. Францішак становіцца знакам пасхальнага святла. Пасланцы святла, мастакі надзеі ў цемры жыцця без перспектыў. Вучні ў місіі Ўваскрослага Укрыжаванага. Францішак вучыць нас насяляць гісторыю, прыносячы знакі надзеі. Папа Ян ХХІІІ казаў пра прарокаў пагібелі. Гэтыя персанажы заўсёды існуюць, сеючы недавер, яд, ранячы словамі і спосабамі камунікацыі, абуджаючы сумневы, выклікаючы трывогі і страхі. Яны захавальнікі руінаў, аі не мастакі будучыні і надзеі.
На Ла Верне Францішак нібы нырае ў мора Божай міласэрнасці. З яго выходзіць новы чалавек, які паказвае ўсім знакі новых адносін з Богам праз любоў укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста. Святы Леў Вялікі нагадвае хрысціянам, што «цела ахрышчанага становіцца целам Укрыжаванага» (Прамовы, 63). Францішак таксама ўваходзіць у гэта паглыбленне, у гэтую новую сустрэчу з Хрыстом, які дае яму бачныя знакі свайго новага жыцця, дае яму бачныя знакі яго новай ідэнтычнасці. Адкуплены, любімы, каб несці міласэрнасць.
Праходзяць гады, і ён набліжаецца да Бога, перажывае перамену і аздараўленне. Крануты любоўю, ён хоча зрабіць усё, што ў яго сілах, для Яго любові, але перш за ўсё, у наступныя гады, ён хоча чакаць салодкага абдымку на вечнасць. Гэта не боль дзеля болю, гэта не духоўнасць цярпення, гэта хутчэй пра перажыванне — у досведзе болю — дотыку праз спачуванне Бога, якое вядзе нас да радасці і шчасця.
Францішак хадзіў, ён шмат хадзіў у сваім жыцці. Ён хадзіў з сябрамі ў пошуках поспеху, шукаў задавальнення. Як і многія маладыя людзі з багатых сем'яў, у яго былі тыя ж жаданні: прэстыж, поспех, грошы, пошук кароткачасовых задавальненняў, бляску і славы. А потым шмат разоў на гэтых дарогах ён апынаецца адзін, без радасці, з горыччу на сэрцы. Ён хоча падняцца вышэй і падае, падае з каня будучы заможным юнаком. Мне падабаецца думаць пра Францішка, які шукае прысмакі. Спачатку ён шукае гэтага па-свецку, а потым паціху Бог дазваляе спазнаць іншыя прысмакі, іншыя радасці.
Пошук задавальненняў - гэта нядрэнна, пры ўмове, што гэта не эгаізм, закрыццё, свецкасцю, якая спрыяе логіцы ўласнага «я» і абыякавасці да іншых. Гэта асалода, якую дае свет. Гэтая свецкасць пакідае цябе пустым, стамляе, тады ты ўжо нічога не хочаш, ты пусты... Францішак адпраўляецца на гару Ла Верна на момант самотнасці, каб пакаяцца і пачуць голас Бога. На гары Ла Верна, сярод гукаў і мелодый прыроды, ён адчувае асалоду ад новай музыкі. Сустракае Хрыста, які ў таямніцы болю дазваляе яму адчуць слодыч любові.
Ён блукаў па плошчах, пасёлках і многіх гарадах, чуў розную музыку, смакаваў асалоду ад паэзіі, якая апявала чалавечыя каханні. Тут ён знайшоў песню любові найвышэйшага, усемагутнага і добрага Пана. У гэтым месцы, поўным знакаў і сімвалаў, Творца стварэння і сціплы Францішак - як адно з гэтых стварэнняў - святкуюць вяселле любові. Ла Верна - гара Любові і містычных зашлюбінаў. Гэты час духоўнага адасабнення ў месцы, якое Дантэ Аліг'еры назваў бы «цвёрдым каменем», вядзе да перажывання моцнай любові, якая ў святле Уваскрослага пакідае на Францішку знакі надзеі. Традыцыя кажа нам, што ў момант атрымання стыгматаў пастухі ўбачылі гару такой бліскучай, што думалі, што яна гарыць. Гэты вобраз нагадвае нам батлейку, якая кранае сэрцы пастухоў магутнай хваляй святла. Францішак містычным чынам уваходзіць у таямніцу любові Хрыста, нібы акунаецца ў святло і агонь. Пазначаны ранамі Хрыста і цяпер амаль сляпы, ён апявае прыгажосць новага стварэння як дар уваскрослага Хрыста.
Святы Банавэнтура ў “Вялікай легендзе” падкрэслівае, што Пан пакінуў у сэрцы Францішка «цудоўны запал». Укрыжаваны — гэта чалавечае Аблічча, праз якое чалавецтва сузірае бясконцую любоў Бога. Знакі Укрыжаванага, дадзеныя Францішку, перадаюць яму агонь Божай любові. Пазначаны стыгматамі, ён становіцца падобным да люстэрка, у якім тыя, хто яго сустракае пасля вопыту Ла Верны, бачаць знакі «сакрамэнту» любові, у які яго ўцягнуў Хрыстус. У гэтых знаках можна ўбачыць, як чалавечае назаўсёды стала звязана з боскім. Францішак перажывае “experimentum de Verbo”, які - як кажа св. Бернард з Клерво - недасяжны нават для самых вучоных людзей. Францішак у сваім целе паказвае ласку яго прагрэсіўнай трансфармацыі пачуццяў. На духоўным шляху Францішак адраджаецца як новы чалавек у поглядзе, бачанні, мысленні, у дакрананні да рэчаіснасці, якая яго акружае. Францішак — малы, сціплы і бедны — паказвае навуку крыжа, стаўшы “liber scriptus inter et foris” (Гюго ад святога Віктара), гэта значыць “кнігай, напісанай унутры і звонку”.
Францішак становіцца мудрым вучнем у школе кнігі Укрыжаванага: «Найвялікшай кнігай з’яўляецца Уцелаўлёны Сын, таму што, як праз пісьмо слова злучаецца з пергаментам, так і праз прыняцце чалавецтва Слова Айца злучылася з целам. » (св. Бернард з Клерво). Знакі, якія ён будзе мець на сваім смяротным целе, з'яўляюцца праявай галоўнай таямніцы Аб'яўлення: любові Бога да чалавецтва. Адсюль нараджаецца чалавек, паяднаны з Богам, з самім сабой і са стварэннем, якое спявае салодкую сімфонію любові, што ахоплівае ўвесь свет. Усе з’яўляюцца братамі, усе існуюць, з кожным ён адчувае сябе звязаным вузамі любові.
Са сваёй блізкасці з Хрыстом Францішак перадае пабожнасць, пяшчоту і спачуванне. Гэты знак мукі, адбіты ў ранах стыгматаў, надае Францішку характар спачування. Як тлумачыць аўтар гэтай кнігі, Францішак узрастае ў Божай мудрасці. Мудрасць крыжа — гэта не абстрактная ідэя, халодная, як цвік. Яна становіцца суцяшэннем, прыняццем, блізкасцю. Інтымнасць, якую адчувае Францішак, становіцца блізкасцю, асабліва да бедных, апошніх. А пасля ён сам выбірае шлях апошняга месца, з якога ў цішыні і пакоры служыць братам. Такім чынам, ён жыве благаслаўленнем таго, хто чакае абдымку Святой Тройцы.
Францішак уздымаецца на гару Ла Верна з сэрцам, поўным болю, смутку, магчыма, нават пачуцця няўдачы адносна духоўнага праекта рэформы. Яго сэрца наведвае сэрца Уваскрослага, якое носіць знак адкупленага цярпення. Павел да хрысціянаў у Карынфе так апісаў свой досвед: «Бо як памнажаюцца ў нас цярпенні Хрыста, так і мы маем вялікае суцяшэнне праз Хрыста» (2 Кар 1, 5). Што адбываецца з гэтым суцяшэннем? Пасля гэтага досведу Францішак вучыцца чытаць боль, раны, карыстаючыся новым алфавітам: алфавітам мовы любові. Ён не спрачаецца, але выказвае сябе праз песню любові, вядомую як “Пахвала стварэнняў”. З цемры болю зыходзіць песня святла любові да ўсіх стварэнняў. Сонца Божай любові кранула яго сэрца, сагрэла яго, і такім чынам ён перадае гэтае цяпло іншым. Холад зла мучыў яго, цеплыня любові суцяшала. Спяваць сэрцам, якое перадае цеплыню любові. Гэта місія, якую пакідае нам Францішак, пазначаны стыгматамі.
Мы ўсе можам суцешыць песняй любові, перадаючы іншым блізкасць, якая прыносіць надзею. Я ўяўляю, што ў сям’і бацькі, бабулі, дзядулі і дзеці могуць распаўсюджваць гэтае цяпло, якое лечыць боль негатыўных перажыванняў. У многіх асяроддзях, дзе ёсць церпячае цела, так шмат адрынутых, параненых людзей чакаюць аздараўлення цеплынёй суцяшэння. Мы ўсе пакліканы быць вучнямі вызваляючай салодкасці, якую Хрыстовая Пасха адціснула ў нашых сэрцах."