Тэксты

Божая палатка

Мц 17, 1–9

Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.

Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.

Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.

А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.

І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

Як любіў пачынаць свае казанні айцец Веслаў, мой старэйшы сабрат - Сёння вялікае свята! І сапраўды, сёння Касцёл святкуе Перамяненне Пана, важны момант і для ўсходняга, і для заходняга хрысціянства. І з усяго багацця Божага Слова хочацца звярнуць увагу на адну рэч… Ну, добра – на дзве рэчы. Першая з іх звязана з самым пачаткам Евангелля паводле святога Яна, які называецца Пралогам святога Яна, дзе напісана, што Слова стала целам і пасялілася між намі. Там даслоўна ўжыты тэрмін разбіла свой шацёр, паставіла палатку.

І сёння, калі Пётр у захапленні ад таго, што бачыць ужывую і Майсея, і Іллю, запрашае Хрыста, каб Яму і вось гэтым двум зрабіць шацёр, каб яны засталіся на гары Табор, падчас гэтага узнёслага, урачыстага, прыемнага для іх моманту. Але Пётр не ведае, што Хрыстос ужо паставіў свой намёт, ужо разбіў гэты шацёр, і ён – гэты шацёр – знаходзіцца сярод нас, сярод нашых радасцяў і праблемаў. Таму Хрыстос дае апосталам дасведчыць момант сузірання, захаплення, пазнання Яго боскасці на гэтай гары, каб пасля з яе зысці, падрыхтаваўшы іх да Сваёй смерці. Ён гэтым умацаваннем, свядомасцю, што Хрыстос – гэта Божы Сын, магчымасцю дакрануцца да Тройцы (бо і голас Айца, і воблака, якое сімвалізавала Духа, і сам Хрыстос – гэта ўся Тройца, якая прамаўляе да апосталаў) рыхтуе іх застацца з Ім у момант самотнасці (хоць мы ўсе добра ведаем, што гэта не дапамагло).

Другі такі важны момант, каторы мне падабаецца – гэта тое, што пасля Аб’яўлення Святой Тройцы Хрыстос застаецца сам. Такі, які ёсць.

Бог – у простых рэчах. Бог – у незаўважных рэчах. Бог прысутны з усёй сваёй паўнатой і ўсёй сваёй веліччу ў самых назвычайнейшых справах. Таму, калі Тваё жыццё звычайнае – не перажывай. Ён там напэўна ёсць!

Гэтыя дзве праўды - першая, што Хрыстос паміж намі, і другая - … што Ён паміж намі – няхай застануцца з вамі і са мной прынамсі да канца сённяшняга дня.
ФРАНЦІШКАНІН НА НЯДЗЕЛЮ
Made on
Tilda