Тэксты

Благаслаўлёны Якуб Стрэпа

21 кастрычніка францішкане адзначаюць дзень памяці свайго благаслаўлёнага сабрата Якуба Стрэпы. Будучы арцыбіскуп Галіцка-Львоўскай архідыяцэзіі нарадзіўся каля 1340 года. У раннім узросце Якуб уступіў у францішканскі Ордэн. Эпоха і месца, у якой нарадзіўся і жыў благаслаўлёны, прадвызначыла спецыфіку яго францішканскага паклікання, а менавіта Якуб далучыўся да аб'яднання "братоў-пілігрымаў", якія вандруючы прапаведвалі на тэрыторыях сучаснай Беларусі і Украіны. Да гэтага аб' яднання належалі не толькі францішкане, але і дамініканцы. Якуб старанна і аддана працаваў місіянерам на Чырвонай Русі, Валыні, Падоллі і Валахіі. У розныя перыяды благаслаўлёны Якуб быў настаяцелем францішканскага кляштара ў Львове і інквізітарам у справах веры.



У 1391 г. папа Баніфацый IX прызначыў яго арцыбіскупам Галіцкім. Якуб за біскупскую сядзібу абраў Львоў. Ён асабіста вёў апостальскую і душпастырскую дзейнасць і засноўваў новыя парафіі. Ён жыў вельмі сціпла і аддаваў свае даходы на будаўніцтва касцёлаў і манастыроў. Апекаваўся шпіталем у Львове, у якім быў прытулак для бяздомных, хворых і пілігрымаў. Між іншым благаслаўлёны Якуб быў дарадцам караля Уладзіслава Ягайлы і святой каралевы Ядвігі. Ён абараняў насельніцтва падчас ваенных хваляванняў і татарскіх набегаў. Якуб меў вялікае набажэнства да Эўхарыстыі і Маці Божай. Памёр жа ён 20 кастрычніка 1409 года. У сваім тэстаменце ён напісаў прадаць літургічныя прылады, якія падараваў яму Уладзіслаў Ягайла, і аддаць атрыманыя грошы ў якасці міласціны патрабуючым. Па распараджэнні ў тым жа тэстамэнце, Якуб Стрэпа быў пахаваны ў простым францішканскім хабіце з драўляным біскупскім крыжом. У 1790 г. папа Пій VI залічыў яго да ліку благаслаўлёных.
FRANCISCALIA
Made on
Tilda