Блог

“Барбершоп для філосафа” або як не ўскладняць сабе жыццё

БРЫТВА ОКХАМА
Той, каму гісторыкі філасофіі прыпісваюць гэтую ідэю, быў адным з найбольш уплывовых мысляроў XIV стагоддзя, а да таго ж добра арыентаваўся ў хіміі, оптыцы і нават выдаў трактат “Аб нікчэмнасці магіі”, дзе выкрываў апошнюю навуковымі метадамі. Аднак сёння манах-францішканін Уільям з ангельскай вёскі Окхам вядомы адной ідэяй, якая — па сакрэту вам скажу — нарадзілася на тры стагоддзя пазней свайго “аўтара”:

«Non sunt entia multiplicanda praeter necessitatem»

(Стоадсоткава, Вы зараз спрабавалі прачытаць гэта ўслых, уяўляючы сябе выпускніком Хогвартса:)

А ператлумачыць гэтае правіла, называнае ў народзе “брытва Окхама”, альбо “правіла эканоміі” (lex parsimoniae), можна так:

“Не варта множыць сутнасці без неабходнасці”.

Уявіце, што ў летнім начным небе вы ўбачылі дзіўнае святло. Канешне, першая здагадка — НЛА, іншапланетны лятучы карабель. Але такое тлумачэнне патрабуе допуску шмат “сутнасцяў”: што існуе пазазямное жыццё, настолькі развітае, што можа збудаваць транспартны сродак, даляцець да нас і спрабаваць скантактавацца. А навошта? Каб перадаць нам веды? Каб нас даследваць? Каб знішчыць? “Брытва Окхама” вырывае нас з гэтага летуцення, тлумачачы нябесны агеньчык святлом самалёта ці фактам, што “зорка Венера ўзышла над зямлёю”. То бок, калі ёсць некалькі здагадак — выбіраем найбольш простую і зразумелую і не трацім энэргію на будаванне неіснуючых канструктаў.
Гэту жыццясцвярджальную ідэю трэба ўжываць з галавой, каб “брытвай Окхама” не “парэзацца”.
Нездарма Альберт Эйнштэйн так каментаваў гэты прынцып: “Усё трэба спрашчаць да тае пары, пакуль гэта магчыма. Але не больш таго.”

Як лічыце, ці варта карыстацца “брытвай Окхама” у штодзённасці?
Made on
Tilda