Тэксты

“Кесару” – Божае?

Жыццё разламваецца на кавалкі, калі перамяшаюцца нашыя каштоўнасці, калі памылімся з адрасатамі нашых учынкаў, калі заінвестуем найбольш высілку ў тое, што на яго не заслугоўвала. Спрабуй некалькі дзён, месяцаў, гадоў аддаваць нейкаму “кесару” – таму, што хоча мець уплыў на тваё жыццё – тое, што належыць Богу. Даю гарантыю, што гэты “кесар” – чым бы ён ні быў - прышле табе рахунак. Будзе хацець ад цябе “падаткаў”.

Возьмем, на прыклад, здароўе. Калі здароўе, якое мы атрымалі ў дары ад Бога, аддадзім “імперыі” тытуня, “імперыі” алкаголю, “імперыі”, што стварае салодкія і газаваныя напоі ітд. – то напэўна заплацім “падатак” у постаці рака лёгкіх, інфарктаў, праблемаў з метабалізмам і высокім ціскам крыві дый яшчэ чым іншым. А калі б “аддаць” тое здароўе Богу і абыходзіцца з ім паводле Божай “інструкцыі абслугі”, што мае на ўвазе умеркаванне ў ежы і пітве, то напэўна было б нашмат здаравей. І танней.


Біблія кажа, што мы створаныя на вобраз і падабенства Божае. А што божае – належыць Богу. Значыць належым Яму! Божае – Богу, і ніяк інакш!
ФРАНЦІШКАНІН НА НЯДЗЕЛЮ
Made on
Tilda