Святы Антоні, адзін з найбольш арыгінальных прапаведнікаў Сярэднявечча, свае пропаведзі ўзбагачаў не толькі цытатамі з Бібліі і Айцоў Касцёла, але і (што вельмі па-францішканску) назіраннямі з прыроднага свету. Яго пропаведзі - гэта цэлыя тэалагічныя трактаты з арыгінальным паглядам і цікавымі параўнаннямі. Так, у алегарычнай частцы свайго «Казання на ўрачыстасць ачышчэння Найсвяцейшай Марыі», ён параўноўвае Багародзіцу да… пчалы. І гэта абсалютна небеспадстаўнае параўнанне.
“Малая пчала між лятаючымі, а першынство мае салодкасцю плода свайго” (Экл 11,3). Гэта меркаванне Эклезіяста. Кажуць, што пчала мае такую сілу, што родзіць без апладнення, а добрая пчала – малая, круглая, поўная і сціснутая. А яшчэ пчала лічыцца больш чыстай за іншых лятуноў і жывёлаў, і з тае прычыны абрыдлівы пах ёй перашкаджае, а мілы прыносіць асалоду.Не адганяе яна аніводнай жывёлы, а калі лётае, не кіруецца да розных кветак, ані не пакідае адну і ляціць да іншай, але збірае з адной кветкі ўсё, што патрэбна і вяртаецца ў вулей, а спажыткам для яе з’яўляецца мёд, бо жыве з таго, што заробіць. Будуе дом, які ўзначальвае кароль, а пачынае будаваць на сценах зверху і так доўга сыходзіць паволі долу, аж дойдзе да падлогі.