Тэксты

Як святы Антоні Багародзіцу да пчалы параўнаў


Святы Антоні, адзін з найбольш арыгінальных прапаведнікаў Сярэднявечча, свае пропаведзі ўзбагачаў не толькі цытатамі з Бібліі і Айцоў Касцёла, але і (што вельмі па-францішканску) назіраннямі з прыроднага свету. Яго пропаведзі - гэта цэлыя тэалагічныя трактаты з арыгінальным паглядам і цікавымі параўнаннямі. Так, у алегарычнай частцы свайго «Казання на ўрачыстасць ачышчэння Найсвяцейшай Марыі», ён параўноўвае Багародзіцу да… пчалы. І гэта абсалютна небеспадстаўнае параўнанне.



“Малая пчала між лятаючымі, а першынство мае салодкасцю плода свайго” (Экл 11,3). Гэта меркаванне Эклезіяста. Кажуць, што пчала мае такую сілу, што родзіць без апладнення, а добрая пчала – малая, круглая, поўная і сціснутая. А яшчэ пчала лічыцца больш чыстай за іншых лятуноў і жывёлаў, і з тае прычыны абрыдлівы пах ёй перашкаджае, а мілы прыносіць асалоду.
Не адганяе яна аніводнай жывёлы, а калі лётае, не кіруецца да розных кветак, ані не пакідае адну і ляціць да іншай, але збірае з адной кветкі ўсё, што патрэбна і вяртаецца ў вулей, а спажыткам для яе з’яўляецца мёд, бо жыве з таго, што заробіць. Будуе дом, які ўзначальвае кароль, а пачынае будаваць на сценах зверху і так доўга сыходзіць паволі долу, аж дойдзе да падлогі.
Гэтаксама і нашая Пані, Найсвяцейшая Марыя, нарадзіла Божага Сына без цялеснага парушэння, бо Дух Святы зышоў на яе і моц Найвышэйшага ахінула яе (Лк 1, 35). Гэтая добрая Пчала была малой праз пакору; круглай праз сузіранне нябеснай хвалы, якая не мае пачатку і канца; поўная любові, бо тая, што Любоў дзевяць месяцаў насіла ва ўлонні, не магла быць яе пазбаўленай; сціснутая беднасцю, больш чыстая за іншых з прычыны паненства, і таму абрыдлы пах распусты, калі можна так сказаць, ёй перашкаджае, а мілы пах дзявоцтва і чысціні прыносіць прыемнасць. Таму той, хто прагне падабацца Найсвяцейшай Марыі няхай уцякае ад распусты і дбае пра чысціню.




Аніводнага звера (чытай – грэшніка) не адкідае. Наадварот, прымае ўсіх, што ў яе паратунку шукаюць, таму завецца Маці міласэрнасці, міласэрная для адкінутых, надзея для тых, хто ў роспачы. Кажа Ўзлюбленая ў Песні песняў: “Я – нарцыс Сарона і лілея далін” (Пп 2, 1). Гэтую кветку, адкінуўшы ўсе іншыя, выбрала Найсвяцейшая марыя і да Яе прыбыла і з Яе сабрала тое, чаго патрабавала.
Назарэт, у якім зачала, можна разумець як “кветка”: месца гэтае абрала сабе сярод іншых.Кветка ж гэта вырастае з кораня Есэя, у любові да сваёй айчыны. Спажыткам Найсвяцейшай Марыі з’яўляецца яе Сын, мёд Анёлаў, слодыч усіх Святых. Чэрпала жыццё з Таго, якога карміла; Той, Каго насычала малаком, даваў ёй жыццё.


Гэтая добрая Пчала падрыхтавала дом, а менавіта: дух з дапамогай пакоры, цела з дапамогай дзявоцтва, каб пасяліўся ў ім Валадар Анёлаў. Звярні ўвагу, што пчала пачынае будаваць зверху, бо і Найсвяцейшая Панна не пачала будаваць долу, што значыць – для чалавечых вачэй, але зверху – перад вачыма Божае хвалы; і паволі-паволі, асцярожна і паводле плану пачала зыходзіць да свядомасці людзей, каб тая, якая ўжо была абраная Богам, сталася таксама цудоўнай для людзей.
Кажам: Малая пчала між лятаючымі. Шмат цнотаў цудоўна ззяла ў Найсвяцейшай Марыі, пакора ж заззяла найцудоўней, калі яна прамовіла: “Глянуў Бог на пакору сваёй слугі (Лк 1, 48) і таму завецца малой пчалою сярод лятаючых. “Лятаючыя” – гэта яе заслугі, што імкнуцца да найвышэйшага неба, таму напісана ў кнізе Прыпавесцяў: “Шмат жанчын было дабрадзейных, але ты пераўзышла ўсіх на свеце” (Прып 31, 29); бо ўзляцела вышэй за іх усіх.


Хоць была абдараваная багаццем столькіх цнотаў, хоць была ўзвялічана столькімі цудоўнымі прывілегіямі, была аднак нашая Пчала малой, гэта значыць – пакорнай, тая што сёння ў святыні ахвяравала Богу Айцу соты мёду, Уцелаўлёнае Слова, Бога і чалавека. У сотах – мёд і воск, у немаўляці Езусе – Боства і чалавечая натура.
FRANCISCALIA
Made on
Tilda