Тэксты

Ратавальны СМС

Час ад часу прыходзяць на мой тэлефон смс-ы з перасцярогай пра буры, снегапады і іншыя небяспекі. І пашана ім за гэта. Клопат з імі такі сам, як з усімі іншымі перасцярогамі – часам іх ігнаруеш, бо "можа пойдзе бокам”, бо “як зазвычай перабольшваюць”, бо “як-небудзь абыдзецца”. Аднак, калі сапраўды здараецца нешта дрэннае, пачынаю наракаць: “а вось мог зрабіць і не зрабіў”.

Сённяшняе Евангелле распавядае пра падобны смс. Езус папярэджвае, што прыдзе. Перасцярога гэта дзіўная ўжо ў тым, што не адносіцца да канкрэтнай асобы і не мае канкрэтнай даты. Прыдзе. Вядома, да ўсіх. Але, да каго канкрэтна, а каторай і калі – гэта ўжо невядома.


Ян Хрызастом тлумачыць гэтую нечаканую памылку ў канфігурацыі ратавальнага смс наступным чынам: “Калі б шмат людзей ведалі момант сваёй смерці, тады напэўна з увагі на гэтую гадзіну аказаліся б заўзятымі. Дзяля таго, каб не дбалі выключна пра гэты дзень, не абвяшчае ані гэтага дня супольнага, ані дня смерці кожнага, каб заўсёды чакалі, каб заўжды былі заўзятымі. Таму заканчэнне кожнага жыцця ўчыніў невядомым...”


І як усё гэта разумець? Мой дзядуля казаў, што найбольш нелагічная касцёльная песня – тая, у якой спяваецца: “Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці захавай нас, Пане…” Казаў: “Гэта ж найлепшая смерць! Прыйдзе, цях-цях і чалавека ўжо няма. Мучыцца не мусіць, клопату іншым не зробіць. Калі гэта спяваюць, я маўчу.”
Вось і разважаю зараз, ці гэта неахвота спяваць тую песню была выклікана тым, што дзядуля не хацеў нікому клопату прычыніць, ці проста быў добра падрыхтаваны?
А сястра майго дзядулі, што мае амаль сто гадоў і цалкам добра трымаецца, апошнім часам мне кажа: “Ведаеш, так сабе думаю, што я ўжо магла б адысці, калі б Бог хацеў мяне забраць. Напрыклад, на мінулым тыдні быў такі момант. Гэта было пасля першай пятніцы, ксёндз быў, паспавядаў, Камунію прыняла. Ба, нават у парыкмахера некалькі дзён таму была. Дык што ж мне яшчэ трэба?” Здаецца і нічога, тым больш, што і прычоска новая… Такую асобу смерць не здзівіць….
І так сабе разважаю, што мой дзядуля, магчыма, меў рацыю. Што тэкст той песні нейкі дзіўны. Бо як тут казаць, што “неспадзяваная”, калі Езус кажа, што ў кожным моманце трэба спадзявацца і быць гатовым на яе? Можа, трэба спяваць: “Ад нашага глупства і непадрыхтаванасці на сустрэчу са смерцю, што прыходзіць чакана, хоць часам раптоўна, захавай нас, Пане”?
А яшчэ мо варта пагаліцца? І валасы на галаве акуратна падстрыгчы? Каб не было, што чалавек непадрыхтаваны…

(тэкст: "Rycerz Niepokalanej" nr.12 (799)
ФРАНЦІШКАНІН НА НЯДЗЕЛЮ
Made on
Tilda