У памяшканнях Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне 14-15 сакавіка 2025 года праходзіў чацвёрты капітул Францішканскага ордэну свецкіх у Беларусі (ФОС). Падчас капітула прадстаўнікі ўсіх супольнасцей свецкіх францішканаў у Беларусі аналізавалі дзейнасць гэтай супольнасці свецкіх асоб і выбралі кіраўніцтва ордэну на чарговы трохгадовы тэрмін – Нацыянальную раду францішканскага ордэна свецкіх на Беларусі. Францішканскі ордэн свецкіх – гэта аб'яданне свецкіх вернікаў і дыяцэзіяльнага духавенства, якія не з'яўляюцца манаскімі асобамі, але удзельнічаюць у духоўнасці трох францішканскіх ордэнаў – Братоў меншых (францішканцаў), Братоў меншых канвентуальных, Братоў меншых капуцынаў (капуцынаў) пад вышэйшым кіраўніцтвам гэтых манаскіх ордэнаў, заснавальнікам якіх з'яўляецца святы Францішак Асізкі. Падзел Ордэну, заснаванага святым Францішкам, на тры галіны (канвентуальныя, рэфарматы, капуцыны) адбылося паступова. Першапачаткова мужчынскую галіну Ордэна (яшчэ непадзельнага на галіны) было прынята называць Першым ордэнам. Жаночую (кларыскі) – Другім, а свецкіх вернікаў і дыяцэзіяльнага духавенства – Трэцім. Аднак, усю францішканскую сям'ю прынята называць Серафіцкім ордэнам. Гэтая назва паходзіць ад бачання святога Францішка, калі прарок Ісая з'явіўся яму ў вобразе анёла Серафіма, найбольш слаўнага з усіх анёлаў. Гістарычная назва ўдзельнікаў ФОС – тэрцыярыі, аднак духоўнасць трэцяй галіны Серафіцкага ордэна дала пачатак многім супольнасцям кансэкраваных асоб (прысвечаных Богу), якіх нельга ўжо назваць свецкімі асобамі. Таму правільная і актуальная назва аб'яднання свецкіх вернікаў і дыяцэзіяльных святароў, аб'яднаных духоўнасцю святога Францішка пад кіраўніцтвам трох галін францішканскіх ордэнаў – Францішканскі ордэн свецкіх. Супольнасцямі вернікаў, звязанымі з Францішканскім ордэнам свеціх, з'яўляюцца Францішканская моладзь і Рыцары святога Францішка.

Нацыянальны Капітул ФОС у Беларусі адбыўся ў чацвёрты раз. На ім прысутнічала 36 дэлегатаў ад усіх супольнасцей ФОС у Беларусі, а таксама, у якасці прадстаўнікоў Першых ордэнаў, браты з Ордэну Братоў Меншых Капуцынаў і Братоў Меншых Канвентуальных. Капітул распачаўся Імшой, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. Сесіі капітула, якія не былі звязаны з выбарам новай Нацыянальнай Рады, ўзначальваў брат Ігар Колзун OFMcap, дэлегат брата Алега Шэнды OFMCap, кусташа кустодыі капуцынаў Беларусі. Брат Ігар зачытаў да ўсіх прысутных прывітанне брата Алега, у якім, між іншым было сказана: «Шчыра заахвочваю рупліва адкрываць, нястомна засвойваць і аддана распаўсюджваць глыбокую духоўнасць святога Францішка ў наш час і на гэтай зямлі».

Перад выбарамі новай Рады да прысутных з Рыма праз інтэрнэт звярнуўся брат Цібар Каўзэр OFS, генеральны міністр Францішканскага ордэну свецкіх, заавочваючы прысутных паклапаціцца пра ФОС у Беларусі: «Я заахвочваю вас выкарыстаць гэты момант [капітула], каб падумаць пра вашае мінулае, сучаснасць і будучыню. Будзьце адважнымі, каб прымаць новыя ідэі». Брат Цібар вызначыў прадстаўляць сябе (сваёй дэлегаткай) сястру Дзіну Шабаліну OFS для кантролю і зацвярджэння вынікаў выбараў новай Нацыянальнай Рады ФОС у Беларусі.

Падчас капітула была выбрана новая нацыянальная Рада ФОС у Беларусі: сястра Людміла Свойчык/Ludmiła Swojczyk (настаяцельніца, супольнасць пры парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне), сястра Крысціна Лісай/Krystyna Lisaj (намесніца настаяцельніцы, супольнасць пры Маці Божай Анёльскай у Гродне), сястра Анжэліка Мурончык/Anżelika Muronczyk (сакратар, супольнасць пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне – Дзевятоўка), сястра Лілія Ванцоўская/Lilia Wancowska (скарбнік, супольнасць пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка), сястра Францішка Кошка/Franciszka Koszko (адказная за фармаванне, супольнасць пры парафіі святой сям'і ў Лідзе), сястра Ірына Рудкоўская (радная, супольнасць пры парафіі святога Казіміра ў Маладзечне), сястра Марына Кажаронак (радная, супольнасць пры парафіі святога Францішка ў вёсцы Копішча, прыгарад Мінска). Выбары гэтых кандыдатаў, паколькі ніхто з іх не адмовіўся ад выбару на названыя пасады, былі зацверджаны дэлегатам вышэйшага міністра ФОС – сястрой Дзінай Шабалінай OFS. Капітул завяршыўся святой Імшой у семінарыйнай капліцы.
з месца падзей і з францішканскім прывітаннем "Супакой і дабро", кс. Кірыл Бардонаў OFS
з месца падзей і з францішканскім прывітаннем "Супакой і дабро", кс. Кірыл Бардонаў OFS
